Ці свята для мяне 7 лістапада?

Фрэндстужка пераполненая пастамі пра Кастрычніцкую рэвалюцыю. Пераважна, канешне, негатыўныя. “Дзень дурняў”, “Дзень катаў”, “чырвоныя пачвары ўсе сапсавалі” (а было так добра да гэтага, да?), і гэтак далей.

Пры гэтым ва ўсіх іх я бачу адну і тую ж памылку: звядзенне здарэнняў кастрычніка 1917 да захопу ўлады бальшавікамі. Гэта ў карані няверна.

Акрамя знакамітага захопу Зімняга палацу, скідання буржуазнага Часовага ўраду і фармальнага ўсталявання улады саветаў бальшавікамі, па ўсей Расеі пачаліся зусім іншыя, куды больш сур’езныя і радыкальныя змены. Гэта стварэнне на месцах органаў самакіравання: саветаў (пазней, у 1920-х яны стануць апірышчам антыбальшавісцкіх паўстанняў, падняўшы лозунг “За советы без коммунистов!”), гэта экспрапрыяцыя сялянамі зямлі ў памешчыкаў, гэта захопы заводаў працоўнымі з адначасовымі спробамі наладзіць вытворчасць самастойна, без удзелу начальнікаў і кіруючай рукі ўласнікаў. Гэта кароткі, але інтэнсіўны уздым свабоды для міліёнаў людзей, што жылі пад ярмом рабства стагоддзямі, гэта пад’ем жывой рэвалюцыйнай творчасці мас.

Звадзіць кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 года да пераходу ўлады ад буржуазных начальнікаў да працоўна-сялянскіх, гэтаксама як рабіць прыгнечаныя, галодныя масы, якія, урэшце, здолелі паўстаць, адказнымі за голад 1920-х, тэрор 1930-х, вайну і дэпартацыі 1940-х – недапушчальнае спрашчэнне і нават маніпуляцыя. Гэта тое ж самае што рабіць Французскую рэвалюцыю адказнай за сотні тысяч загінулых у Напалеонаўскіх войнах, рабіць Майдан 2014-га адказным за расейскую інтэрвенцыю ў Данбас. Паўстанне прыгнечаных заўседы апраўдана. А ў кастрычніку 1917-га яно мела месца.

Злом ці дабром была кастрычніцкая рэвалюцыя? Лічу, яна спалучыла ў сябе адно і другое. Экспрапрыяцыя сродкаў вытворчасці ва ўласнікаў і зямлі ў памешчыкаў, узбраенне працоўных, стварэнне саветаў простых людзей замест органаў улады для багацеяў – безумоўна, дабро. Любая дыктатура, насаджэнне ўлады бальшавісцкай партыі, ліквідацыя бальшавікамі народнай дэмакратыі – безумоўна, зло.
Таму няхай кастрычніцкая рэвалюцыя стане для нас урокам – жорсткім і цяжкім – таго, як трэба рабіць рэвалюцыі, каб яны не спарадзілі новых гаспадароў замест старых.

Дык ці свята для мяне 7 лістапада? Канешне, свята. У гэты дзень спаўняецца 129 год вялікаму анархісту, ваеначальніку, паўстанцу Нестару Іванавічу Махно. Светлая памяць яму і ўсім рэвалюцыянерам, якія не размянялі ідэі свабоды і роўнасці на ўладу і лычкі самазваных правадыроў.